Палескімі сцяжынкамі
Якуба Коласа

Я далёка цяпер
Ад палескіх раўнін, 
А люблю ж я той край, 
Бы яго родны сын,
 I па ім маё сэрца баліць…

Я. Колас

     Электронны рэсурс “Палескімі сцяжынкамі Якуба Коласа” створаны да 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, перакладчыка, грамадскага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Адметна, што 2022 год адзначаны юбілейнымі датамі Песняра, звязанымі з Піншчынай – гэта 120 гадоў з дня першага прыезду Якуба Коласа на Палессе, 110 гадоў з дня знаходжання яго ў Пінску. У 2023 годзе будзе адзначацца яшчэ адна значная дата: 100-годдзе з моманту выхада ў свет аповесці “У палескай глушы”, якая паклала аснову стварэння эпічнай трылогіі “На ростанях”. Аснову электроннага рэсурса складаюць матэрыялы з вугалка “Якуб Колас на Піншчыне”, які размешчан​ы на базе Пінскай гарадской дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Менавіта вугалок з’яўляецца візітоўкай гарадской дзіцячай бібліятэкі імя Я.Коласа і прыцягвае шмат наведвальнікаў.

     Электронны рэсурс “Палескімі сцяжынкамі Якуба Коласа” складаецца з пяці раздзелаў, кожны з якіх раскрывае жыццёвую і творчую дзейнасць Якуба Коласа на Піншчыне. Акрамя таго, рэсурс змяшчае літаратурна-крытычныя і архіўныя матэрыялы, а таксама звесткі пра месцы, якія звязаны з імем Якуба Коласа. 

     Раздзел “Жыццёвы шлях” раскрывае жыццёвыя перыяды Я. Коласа з 1902г. па 1904г. – час працы класіка беларускай літаратуры на Палессі ў Люсінскім народным вучылішчы Хатынскай вобласці Пінскага павета (цяпер Ганцавіцкі раён); 1904–1906гг. – праца ў Пінкавічах; 1912–1915гг. – настаўніцтва ў трэцім прыходскім вучылішчы Пінска. 

     Пра адметны творчы перыяд Якуба Коласа на Палессі можна даведацца ў раздзеле “На хвалях творчасці”, які дазваляе азнаёміцца з тэкстамі вершаў і аповесцей аўтара, напісаных у 1902–1906гг., 1912–1915гг. 

     Асабліва яскрава раскрыты ў рэсурсе вугалок “Якуб Колас на Піншчыне”, дзе змешчаны прыжыццёвыя выданні Якуба Коласа, якія захоўваюцца ў фондзе гарадской дзіцячай бібліятэкі імя Я. Коласа, творы аўтара з аўтографамі Веры Данілаўны Міцкевіч, унучкі пісьменніка, копіі лістоў і паштовак Песняра. 

     Раздзел “Якуб Колас – наш гонар і спадчына” – своеасаблівая фотасправаздача аб рабоце гарадской дзіцячай бібліятэкі імя Я. Коласа па папулярызацыі лепшых твораў класіка беларускай літаратуры і ўшанаванні памяці аб ім.

     Пра творчую спадчыну народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа сведчыць надзвычай багаты раздзел – «Бібліяграфія». У ім адлюстраваны поўныя тэксты артыкулаў з мясцовага друку за 1982–2022 гг., у якіх асвятляецца Пінскі перыяд Песняра. Бібліяграфічныя запісы ў электронным рэсурсе складзены ў адпаведнасці з міждзяржаўнымі стандартамі «ГОСТ 7.1-2003. Библиографическая запись. Библиографическое описание. Общие требования и правила составления», «ГОСТ 7.80-2000. Библиографическая запись. Заголовок. Общие требования и правила составления». 

     Падчас работы над электронным рэсурсам выкарыстоўваліся электронныя каталогі УК “Брэсцкая абласная бібліятэка імя Максіма Горкага”,  ДУК “Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”, традыцыйныя каталогі і картатэкі, бібліяграфічныя даведнікі і матэрыялы з фонду ДУ “Музей Беларускага Палесся”, з асабістай калекцыі мясцовага краязнаўцы Вячаслава Ільянкова. Прагледжаны матэрыялы рэспубліканскіх, абласных і мясцовых газет, часопісаў і іншых выданняў, у якіх маглі знаходзіцца артыкулы пра Пінскі перыяд Якуба Коласа.

     Складальнікі электроннага рэсурсу спадзяюцца, што ён будзе карысным для шырокага кола карыстальнікаў, якія цікавяцца беларускай нацыянальнай літаратурай.