Раздзел “На хвалях творчасці” дазваляе азнаёміцца з тэкстамі вершаў і аповесцей аўтара, напісаных у 1902–1906гг., 1912–1915гг.

Творчая дзейнасць Якуба Коласа мела непасрэднае дачыненне да Палесся і Пінска. Менавіта Пінскі перыяд у творчасці класіка – адзін з самых цікавых па сваёй інтэнсіўнасці. У гэтыя гады ўсё часцей пачалі з’яўляцца яго творы ў газеце “Наша ніва”, выходзяць з друку яго зборнікі і асобныя творы.

У палескія гады жыцця малады Канстанцін Міцкевіч становіцца досыць вядомым паэтам: ён піша шмат літаратурных твораў. Успамінаючы свой няпросты лёс,  ён часта прызнаваў, што ўсё лепшае было менавіта ў маладосці. У маладыя гады Я. Колас вызначыўся як настаўнік, паэт, празаік, вучоны і грамадскі дзеяч – гэта стала сэнсам усяго яго жыцця…

У Пінкавічах Якуб Колас напісаў першыя дваццаць вершаў з паметкай “Вёска Пінкавічы”, якія ўвайшлі ў першы з чатырнаццаці тамоў акадэмічнага выдання твораў паэта. Гэтыя вершы напісаны на рускай мове і з’яўляюцца спробай пяра, пошукам сваёй творчай індывідуальнасці. Сярод вершаў вызначаецца верш “Не пытайцеся, не прасіце…” (1904), які з’яўляецца своеасаблівым творчым маніфестам.

Цікава, што ў вёсцы Пінкавічы пад вершам “Наш край” (1906) і з’явіўся яго псеўданім – Якуб Колас.

Пінкавіцкі перыяд даў Якубу Коласу каштоўны матэрыял для напісання аповесці “У глыбі Палесся”, якая ўваходзіць у трылогію “На ростанях”. У сваіх творах Пясняр з асаблівай цеплынёй гаворыць пра наш край. Аповесці маюць выразны біяграфічны характар, шматлікія сябры і знаёмыя па Пінску і Пінкавічах сталі прататыпамі герояў гэтага твора. Тыповыя характары беларускага селяніна-працаўніка таксама ўзяты ў многім з жыцця на Піншчыне. Тут, у Пінску, Якуб Колас напісаў першыя раздзелы паэмы “Новая зямля”.

Аднак далёка не ідылічнымі былі гады жыцця і творчасці паэта ў Пінску. У лістах таго часу ён скардзіцца на сваю занятасць школьнымі справамі, на недахоп часу для літаратурнай працы, на адсутнасць сродкаў для жыцця. У лісце, датаваным 20 красавіка 1912 года, Якуб Колас піша: “Сымона-музыку” я гэтым летам скончу. Тады, можа, удасца надрукаваць яго асобна, бо рэч будзе дужа вялікая”. А крыху пазней, працуючы ўжо ў Пінску, ён расказвае аб сваім нялёгкім жыцці на новым месцы: “Аж сэрца баліць, што нічога не пішу. Скажу Вам, як я жыву. З ½ дзевятай іду ў школу. У гадзіны дзве канчаю там работу і іду абедаць. Паабедаўшы, чухаю на ўрокі, бо з аднаго жалавання не пражывеш… Дадому варочаюся ў шэсць гадзін вечара. Паправіш работы вучанікоў, прагледзіш назаўтра “Навуку” (а праглядаць прыходзіцца, бо мне дасталася старшае аддзяленне, дзе трэба працаваць-такі добра, і няма таго вечара. “Сымон-музыка” ляжыць, бедны, чакае лепшых часоў”.

Нягледзячы на тое, што педагагічная дзейнасць забірала амаль увесь час, ён пісаў шмат літаратурных твораў. 1912-1914 гады – гэта самыя плённыя гады ва ўсёй дарэвалюцыйнай дзейнасці Коласа. Ён напісаў звыш дзесяці апавяданняў, шэраг твораў з цыклу “Казкі жыцця”, больш за дваццаць вершаў. Сярод іх такія творы, як “Дар Нёмана”, “У старых дубах”, “Малады дубок”, “Будзь цвёрдым”. Толькі за 1912 год ім надрукаваныя ў зборніках “Наша ніва” і “Маладая Беларусь” вядомыя апавяданні “Батрак”, “Дзеравеншчына”, “Недаступны”, “Старасць не радасць”, “Зло – не заўсёды зло”, вершы “Дні ідуць за днямі”, “Агляд зямлі”, “Думкі адзінокага”, “Над калыскай”, урыўкі з паэмы “Новая зямля” і шмат іншых твораў. Большасць гэтых твораў падпісана псеўданімам Тарас Гушча.

Амаль столькі ж апавяданняў, легенд, вершаў створана і ў 1913 годзе. Знаходзячыся ў Пінску, Якуб Колас апублікаваў палескую легенду “Матчына прывітанне”, аповесці “На начлезе”, “Хмаркі”, фельетон “Змаганне з п’янствам” і добры дзясятак вершаў. Усе яны з’явіліся ў зборніках “Наша ніва” і “Лучынка”.

Сем год жыцця і творчасці прайшлі на Піншчыне, але засталіся навечна ў трылогіі “На ростанях”, паэме “Сымон-музыка”, вершах “Палессе”, аповесці “Бунт”, “Палеская дарога”.

Перыяд жыцця на Палессі адыграў выключную ролю ў фарміраванні яго светапогляду. Тут Канстанцін Міхайлавіч атрымаў свой першы педагагічны вопыт, фарміраваў свой індывідуальны стыль напісання твораў, у гэты перыяд з’явіўся і яго вядомы псеўданім.

Цікавы і той факт, што, менавіта ў час пражывання Я.Коласа ў Пінску, у жніўні 1912 г. на хутары Смольня адбылася першая сустрэча яго з Янкам Купалам. Шчырае іх сяброўства захавалася на ўсё жыццё.

Як можна меркаваць па аўтабіяграфічных палескіх аповесцях, лістах і успамінах Я. Колас быў выдатным настаўнікам. Чулы да дзяцей, клапатлівы, ён не толькі вучыў чытаць, пісаць, але і вучыў пазнаваць жыццё, знаходзіць сваё месца ў ім. Ён лічыў, што беларускіх дзяцей трэба вучыць на іх роднай мове. Менавіта на Палессі Я.Колас распрацаваў методыку выкладання роднай мовы. У гэтай методыцы ён сабраў самае каштоўнае, што было зроблена раней, абагульніў і дапоўніў яе.

На Палессі Якуб Колас узбагачаўся новымі жыццёвымі ўражаннямі, якія потым былі па-мастацку асэнсаваныя ў шматлікіх творах. Палессе падарыла паэту не толькі натхненне на плённую творчую дзейнасць, але і сямейнае шчасце.