Раздзел “Жыццёвы шлях” раскрывае жыццёвыя перыяды Я. Коласа з 1902г. па 1904г. – час працы класіка беларускай літаратуры на Палессі ў Люсінскім народным вучылішчы Пінскага павета (цяпер Ганцавіцкі раён); 1904–1906гг. – праца ў Пінкавічах; 1912–1915гг. – настаўніцтва ў трэцім прыходскім вучылішчы Пінска. 

Прыкметны след у жыццёвым і творчым шляху Якуба Коласа пакінула Беларускае Палессе. Тут ён колькі гадоў жыў, настаўнічаў, тварыў і задумваў тыя маштабныя кнігі, якія пазней сталі прыкметнай з’явай у айчынным пісьменстве. Сталае захапленне ад Палесся, ад людзей, якія яго насялялі, у Якуба Коласа пачалося з вёскі Люсіна Пінскага павета, дзе ён настаўнічаў у 1902-1904 гадах. Зараз вёска знаходзіцца ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Якуб Колас семінарыст

Калі Я. Колас ехаў цягніком у вёску Люсіна, загінуў яго сшытак вершаў. Паводле кнігі М. Лужаніна “Колас расказвае…”. 1982: “…стаяў я каля акна ў вагоне, гартаў сшытак з семінарскімі творамі. Збіралася навальніца, секанулі па шыбах кроплі. Хачу падняць акно – яно не паддаецца, недзе заела. Я ўзяўся за рамяні абедзвюма рукамі і зусім забыўся, што трымаю сшытак. А тут віхор, вырваў з рук той сшытак і пагнаў немаведама куды <…> Страта сама па сабе не вельмі засмуціла мяне. Спадзяваўся на памяць: будзе час, засяду і аднаўлю патрохі. Але ў грудзі падкаціла трывога, ці не чакае такі лёс усё маё пісанне наогул”.

Вёска, у якой налічвалася 50 двароў, знаходзілася паблізу ракі Цны, з усіх бакоў яе абступалі балоты ды лес. Па тым часе гэта была дзікая, глухая мясціна.

“Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыветна і непрытульна… Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца… Але палешукі звыкліся і зжыліся з гэтай граззю і не зварачалі на яе ўвагі. Хаты былі пераважна новыя, пабудаваныя з тоўстага і гладкага лесу. У размяшчэнні гаспадарскіх будынін на двары таксама не было пэўнага парадку і сістэмы, а ўсё было навалена як папала”, – пісаў Якуб Колас пра вёску Цельшчына ў трылогіі “На ростанях”. Цельшчына – гэта тое ж Люсіна.

Захапленне ад гэтых мясцін Канстанцін Міцкевіч пранясе праз усё сваё жыццё. Нездарма ж менавіта тутэйшыя краявіды праз некаторы час увойдуць у знакамітую трылогію “На ростанях”.

Канстанціна Міцкевіча цягнула да мясцовых жыхароў, ён часта гутарыў з імі, раіўся, спачуваў ім. Палешукі хутка пазналі ў маладым настаўніку “свайго”, чалавека з сялянскага асяроддзя, заходзілі на яго кватэру са сваімі скаргамі, крыўдамі, бедамі. Канстанцін Міхайлавіч клапаціўся пра добраўпарадкаванне школы, дапамагаў бедным і сіротам, арганізоўваў лекцыі для вяскоўцаў, растлумачваў ім неабходнасць адукацыі.

Вялікіх намаганняў каштавала Міцкевічу пераканаць палешукоў насуперак іх закаранелым традыцыям у тым, што ў школу павінны хадзіць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Усю душу аддаваў ён школе, праяўляў патрабавальнасць не толькі да вучняў, але і да сябе, усімі сіламі імкнуўся прывіць дзецям любоў да школы, да роднага краю, да роднай мовы. Нялёгка было пачынаць работу ў вёсцы, дзе нават аб газавай лямпе маглі толькі марыць. Нястомна пераконваў малады настаўнік, што сялянам, як святло, патрэбна грамата. Настаўніка палюбілі ўсе: і старыя, і дзеці.

Школа ў Пінкавічах, дзе Я.Колас настаўнічаў у 1903-1906гг.

Пасля заканчэння школьных экзаменаў Канстанцін Міхайлавіч напісаў прашэнне аб пераводзе з Люсіна ў іншую школу. Праз некаторы час ён атрымаў паведамленне аб прызначэнні ў Пінкавіцкую школу, пра якую раней не чуў. Ён пайшоў да свайго сябра ў Мікалаеўшчынскую школу, каб падзяліцца навіной, знайсці гэтае месца на карце. Але вёску Пінкавічы адшукалі толькі ў “Памятнай кнізе Мінскай губерні”, – на карце яе не было.

Вераснёўскай раніцай 1904 года, развітаўшыся з маці і сёстрамі, сябрамі і роднымі мясцінамі, Канстанцін Міхайлавіч рушыў на станцыю, адкуль цягнік памчаў яго ў глыбіню Палесся. Фанерны чамадан з няхітрымі пажыткамі ў адной руцэ і перавязаны вяровачкай стос кніг у другой – такім, трохі разгубленым ад вакзальнай мітусні, ён сышоў з цягніка і паспяшаўся на Каралінскі рынак, каб разам з пінкавіцкімі сялянамі дабрацца да месца працы. Так апісвае свой прыезд у Пінск сам класік у аўтабіяграфічнай трылогіі “На ростанях”.
Пінкавічы, вёска над ракой Пінай, за 3 вярсты ад Пінска, на той час налічвала 35 двароў. Навокал маляўнічыя палі, лугі, лясы. Сяляне займаліся тут сплавам лесу і рыбалоўствам. Вёску Канстанцін Міхайлавіч палюбіў усёй душой. Тут і школа была лепшая за Люсінскую, і сялянскія хаты мелі акуратнейшы выгляд. У Пінкавічах Якуб Колас працаваў з 1904 па 1906 год. Тут шліфавалася яго педагагічнае майстэрства, ажыццяўляўся доўгі і пакутлівы роздум аб ролі школы і выхаванні дзяцей з народа. Час жыцця Я.Коласа ў Пінкавічах адыграў выключную ролю ў фарміраванні яго светапогляду.

Пінская кватэра Якуба Коласа

Я.Колас у перыяд работы настаўнікам школы вёскі Купяцічы Пінскага павета Мінскай губерні (1912г.)
Вучылішча, у якім працаваў Я.Колас

Значны адрэзак жыцця і творчасці Якуба Коласа займае пінскі перыяд 1912-1915 гадоў. Пасля доўгіх пошукаў працы ён нарэшце ў маі 1912 года атрымлівае месца настаўніка ў вёсцы Купяцічы, недалёка ад Пінска. Але настаўнічаць тут яму не давялося, бо прызначэнне было ўмоўным, каб перавесціся ў Пінск. Так ён стаў працаваць у трэцім прыходскім вучылішчы Пінска з 1912 па 1914 год.

Падчас свайго другога прыезду на Піншчыну летам 1912 года зняў пакой у фельчара чыгуначнай станцыі Пінск, калежскага рэгістратара Арсенія Аляксандравіча Балевіча ў ягоным доме на вуліцы Вадаправоднай.

Балевічы лічыліся ў Пінску адной з прыстойных сем’яў сярод, як кажуць, сярэдняй, гарадской праслойкі – дзяржаўных службоўцаў, лекараў, педагогаў.

Балевіч з жонкай
План дома Балевічаў

Каб неяк утрымоўваць сям’ю, кампенсаваць выдаткі, звязаныя з будаўніцтвам, Балевічы змушаны былі здаваць пакоі ўнаймы, у асноўным настаўнікам школ.

Таму і пасяліўся ў іх чарговы кватарант – дваццацідзевяцігадовы Канстанцін Міцкевіч.

Дом іх захаваўся дагэтуль і вядомы многім пінчукам па адрасе: вуліца Івана Чуклая, 63.

Дом Балевічаў
Дом-музей Я.Коласа ў Пінску

Зараз на фасадзе дома прымацавана мемарыяльная дошка: “У гэтым доме ў 1912-1915 гадах жыў Вялікі Пясняр беларускага народа Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)”. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося восенню 1962 года, калі адзначалася 80-годдзе з дня нараджэння паэта.

Яшчэ да Я. Коласа ў гэтым доме кватаравалі дзве маладыя настаўніцы пінскай чыгуначнай пачатковай школы Марыя Дзмітраўна Каменская і Вольга Паўлаўна.

М.Д. Каменская. Пінск 1912г.

Яны займалі тры маленькія пакойчыкі ў паўночнай палове дома. Пакуль што невядома, ці адразу Якуб Колас стаў тут кватараваць, ці ён напачатку некаторы час жыў дзе ў іншым месцы. Невядома таксама, як ён пазнаёміўся з Марыяй Дзмітраўнай: крыху раней, ці калі стаў ужо жыць у гэтым доме, дзе гаспадар Арсень Аляксандравіч Балевіч прапанаваў маладому настаўніку таксама пакойчык.

З успамінаў Якуба Коласа:
— Тады ж, у 1912 годзе, я пазнаёміўся з маладою настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы. Прозвішча яе было Каменская. Так у маё жыццё ўвайшла Марыя Дзмітраўна.
Добра было б зірнуць на ўсё, што я пісаў у той час ёй і пра яе. Я саромеўся тых вершаў. Завёў нават на іх запісную кніжку і навідавоку не пакідаў, насіў яе ў пільчаку. У друк, вядома, нічога не падаваў, няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на сваё, што толькі мне належала.
Я дзівіўся, не дабіраў ладу, як гэта можна адважыцца друкаваць вершы пра каханне? Калі ты яго выдумляеш, дык не варта публікаваць няпраўду. А калі пішаш аб тым, што ёсць ці было,— як тады, вывернуўшы наверх усё вядомае аднаму табе і твайму дарагому чалавеку, паглядзець яму ў вочы? Табе давераны сакрэт, ты ўвайшоў як быццам з кімсьці ў змову і раптам распляскаў патайнае дый яшчэ і падпісаўся. Адным словам, нават Марусі трапілі на вока мае вершы значна пазней, калі мы ўжо жылі разам.
Я спяшаўся ў школу і не заўважыў, што кніжачка мая выпала з кішэні. А ўвечары Маруся пытае: “У каго ты, Костусь, закахаўся гэтак моцна?” Я гляджу на яе, нічога не разумеючы. Яна ківае галавою і кажа: “Так, так. Не закахаўшыся, такіх вершаў не напішаш”. І падае мне кніжачку.
Я збянтэжыўся, давай апраўдвацца. Паказваю даты пад вершамі, а яны ішлі адзін за адным, ад першага дня нашага знаёмства.
Маруся смяецца: “Я ж не па датах зразумела, што гэта ўсё маё. Не магу ж я паверыць, каб ты казаў мне адно, а пісаў каму-небудзь іншаму другое. Не тое мяне засмучае. Шкада, што ад таго часу, як мы пажаніліся, у кніжачцы амаль не прыбавілася запісаных старонак”.
Вясной 1913 года Канстанцін Міхайлавіч зрабіў маладой дзяўчыне прапанову ажаніцца, папрасіў у пісьме бацьку і маці бацькоўскага блаславення на шлюб з Марыяй Дзмітраўнай. А 3 чэрвеня Колас і Каменская ажаніліся. Вяселля не спраўлялі, а паехалі адразу да маці маладой у Вільню.

Свята-Варварынская царква

Зараз на званіцы Свята-Варварынскай царквы размешчана мемарыяльная дошка з надпісам: “У памяць аб вянчанні Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Я.Колас) і Марыі Дзмітрыеўны Каменскай у г.Пінску 16(3) чэрвеня 1913 года”.

Дошка аб вянчанні

Надпіс на мемарыяльнай шыльдзе аніяк не пацвярджае таго факту, што менавіта ў гэтай царкве адбыўся шлюб. Супрацоўнікі Музея Беларускага Палесся, як і некаторыя краязнаўцы, мяркуюць, што таінства мела месца ў царкве “чыгуначнікаў”. Святыня знаходзілася каля чыгуначнага вакзала і была пабудавана за грошы чыгуначнікаў. Іншая справа, што царква магла быць прыпісной да Свята-Варварынскага храму.

Справа Марыя Каменская

Рана ці позна, але сустрэча К. Міцкевіча і М. Каменскай не магла не адбыцца. Дом Балевічаў як раз знаходзіўся паміж установамі, дзе працавалі Канстанцін Міхайлавіч і Марыя Дзмітраўна. Двухпавярховы будынак былога вучылішча стаіць на скрыжаванні вуліц Чыгуначнай і Касмадзям’янскай. Жаночая чыгуначная школа была размешчана ў драўлянай пабудове пры чугуначнай царкве (не захавалася), паміж сучаснымі вуліцамі Ахоўскай і Палескай, а малодшыя класы – ў памяшканнях на тэрыторыі дэпо.

Якуб Колас працаваў настаўнікам у будынку былога прыходскага вучылішча (дом Клякоцкага).
У сваіх успамінах ён удакладняў: “Змяшчалася яно на Прывакзальнай вуліцы ў доме Клякоцкага. Дом гэты быў двухпавярховы, мураваны, з гастранамічным магазінам унізе”.

Я. Колас з жонкай, сынам Данілам і цешчай М.Ц. Каменскай. Пінск. 1914г.

Марыя Дзмітраўна мужна раздзяляла нягоды дарэвалюцыйнага перыяду жыцця настаўніка-бунтара, які бясстрашна прызываў палешукоў да светлай ідэі. Яна была першым слухачом і чытачом многіх яго апавяданняў і вершаў, напісаных тут, на Палессі. З ёй малады літаратар абмяркоўваў першыя раздзелы паэмы “Сымон-музыка”, над якой ён працаваў у Пінску.
На кватэры ў паэта бывалі многія мясцовыя інтэлігенты. Ён чытаў ім свае новыя апавяданні, выслухоўваў заўвагі на творы, апублікаваныя на старонках “Нашай нівы”.

Сям’я Балевічаў

У тыя далёкія гады быў вельмі даспадобы маладому настаўніку гэты ціхі куток на ўскраіне горада. Адсюль было рукою падаць да лесу, да поля, якія былі відаць з вокан. Падабаўся яму і гаспадар Арсень Аляксандравіч Балевіч, і яго жонка Марыя Іванаўна.

Пазней, калі лёс прымусіў паэта развітацца з Пінскам і з гэтаю цудоўнаю сям’ёю, Колас ніколі не забываў яе, віншаваў з рознымі святамі і днямі нараджэння.

Цікава, што Якуб і Марыя мелі намер назаўсёды пасяліцца ў Пінску. Міцкевічаў і Пінск разлучыла Першая сусветная вайна.